Сёння, 14 верасня, выпушчаны ў абарачэнне паштовы блок «Геадэзічная дуга Струвэ»

Афіцыйнае гашэнне дзяржаўнага знака паштовай аплаты Рэспублікі Беларусь прайшло ў зале Ашмянскага раённага выканаўчага камітэта. У цырымоніі прынялі ўдзел намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Наталля Гардзеенка, Старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь Андрэй Гаеў і Старшыня Ашмянскага раённага выканаўчага камітэта Міраслаў Сарасек.

Праект Дзяржаўныя знакі паштовай аплаты Рэспублікі Беларусь - паштовы блок і канверт Першага дня, прысвечаныя Геадэзічнай дузе Струвэ падрыхтаваны ў цесным супрацоўніцтве з Дзяржкаммаёмасцю. Дызайн паштовага блока распрацаваны Яўгеніяй Бядонік. Тыраж блока 12 тысяч.

Мастацкай асновай паштовага блока сталі партрэты вядомых геадэзістаў: Васіля Струвэ, Карла Тэнэра, а таксама Язэпа Хадзько, які праводзіў трыангуляцыйныя работы ў тым ліку і на тэрыторыі Беларусі, а таксама малюнак контуру тэрыторыі Беларусі, з размешчанымі на ёй геадэзічнымі пунктамі, 5 з якіх уключаны ў Спіс аб'ектаў сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Мастацкай асновай канверта Першага дня стаў фрагмент сеткі, якая складаецца з 265 пунктаў Геадэзічнай дугі Струве, размешчаных на тэрыторыі 10 дзяржаў, уключаючы Беларусь.
Дадзены паштовы праект з'яўляецца працягам серыі, прысвечанай Геадэзічнай дузе Струвэ: у 2007 годзе быў таксама выпушчаны паштовы блок. Гэта ў чарговы раз падкрэслівае вялікую цікавасць грамадскасці да ўнікальнага помніка навукі і тэхнікі XIX стагоддзя.

 Новы паштовы блок сёння перададзены ў дар музею Дугі Струве ў аграгарадку Гальшаны.

Падрабязней аб паштовай прадукцыі на сайце РУП «Белпошта»