Місувязі выпускае ў абарачэнне чатыры паштовыя маркі з серыі «Інвазіўныя віды флоры і фаўны Беларусі»

Друкаваная версія
29.06.2023

5 ліпеня 2023 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне чатыры паштовыя маркі з серыі «Інвазіўныя віды флоры і фаўны Беларусі».

Маркі друкаваліся таксама ў малым лісце.

Мастак А. Міцянін. Дызайн М. Віткоўскай.

Маркі друкаваліся ў РУП «Бабруйская ўзбуйненая друкарня імя А.Ц. Непагодзіна».

Інвазіўныя віды – гэта пераселеныя віды, распаўсюджванне якіх пагражае мясцовай біялагічнай разнастайнасці. Многія інвазіўныя віды небяспечныя тым, што ў новым асяроддзі пасялення ў іх няма натуральных ворагаў і канкурэнтаў, таму колькасць інвазіўных арганізмаў бескантрольна расце.

Прадстаўленыя на паштовых марках клён ясенелісты і эхінацысціс лопасцевы характарызуюцца хуткім ростам і размнажэннем: штогод ажыццяўляюць багаты самасеў, тым самым усё больш выцясняючы мясцовыя расліны за межы арэала свайго пасялення.

Амерыканскі паласаты рак, носьбіт рачной чумы, стварае пагрозу поўнага знішчэння папуляцыі прамысловага вузкапальцага і ўключанага ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь шыракапальцага рака.

Галавешка-ратан выцясняе з вадаёмаў іншыя віды і зніжае іх колькасць: есць рыбных малявак, буйных беспазваночных, амфібій.

У дзень выпуску паштовых марак у абарачэнне на паштамце Мінска будзе праводзіцца спецыяльнае гашэнне на канверце «Першы дзень».

Да выпуску падрыхтаваны карткі для картмаксімумаў.