Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне паштовую марку «Белая сініца» з серыі «Птушка года»
1 сакавіка 2022 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне паштовую марку «Белая сініца» з серыі «Птушка года».
Мастак А.Міцянін. Дызайн М.Віткоўскай.
Праект падрыхтаваны пры садзейнічанні грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны».
Марка друкавалася з эмблемамі сусветнай асацыяцыі прыродаахоўных арганізацый па абароне птушак BirdLife International і грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны».
У дзень выпуску паштовай маркі ў абарачэнне на паштамце Мінска будзе праводзіцца спецыяльнае гашэнне на канверце «Першы дзень».
Да выпуску падрыхтавана картка для картмаксімума.
Птушкай 2022 года абрана белая сініца (князёк) – невялікая і вельмі рухомая птушка з характэрным блакітна-белым апярэннем. Гняздуецца на Палессі. Птушкі канцэнтруюцца вакол Прыпяці і на яе прытоках. Тут белая сініца ўтварае ізаляваную папуляцыю. У шлюбны перыяд самец паводзіць сябе дэманстратыўна: павольна лунае з галінкі на галінку, узмоцнена чысціць пёры і падоўгу спявае. Пры ўтварэнні пары самец здзяйсняе сімвалічны рытуал – корміць самку. З пачаткам уладкавання гнязда птушкі заціхаюць і паводзяць сябе скрытна.
Харчуецца насякомымі і павукамі, зімой – насеннем, таксама раздзёўбвае полыя сцеблы сухога трыснягу і парасонавых раслін, знаходзячы там насякомых. Ахоўны від, уключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.