Беларусь зацікаўлена ў супрацоўніцтве з Казахстанам па нарошчванні IT-кампетэнцый
Беларусь зацікаўлена ў супрацоўніцтве з Казахстанам па нарошчванні IT-кампетэнцый. Аб гэтым расказаў міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган на панэльнай дыскусіі ў рамках рэгіянальнага форуму Міжнароднага саюза электрасувязі па пытаннях развіцця для рэгіёну СНД, паведамляе БелТА.
Стварэнне агульных лічбавых экасістэм у СНД прадугледжвае супрацоўніцтва ў частцы нарошчвання ІТ-кампетэнцый і лічбавай пісьменнасці насельніцтва, адзначыў Канстанцін Шульган. «У гэтым кантэксце такія мерапрыемствы, як рэгіянальны форум Міжнароднага саюза электрасувязі, розныя міжнародныя выстаўкі садзейнічаюць абмену перадавым вопытам, генерацыі сумесных ініцыятыў і прапрацоўцы механізмаў іх рэалізацыі», — падкрэсліў ён. Немалаважнай з’яўляецца рэалізацыя сумесных адукацыйных праектаў па пытаннях павышэння лічбавай пісьменнасці.
Для падтрымання ІТ-кампетэнцый на належным узроўні беларускі міністр прапанаваў узмацніць узаемадзеянне цэнтраў лічбавых кампетэнцый і офісаў цыфравізацыі паміж краінамі. «У сувязі з гэтым выказваю зацікаўленасць у наладжванні супрацоўніцтва паміж нашым Цэнтрам лічбавага развіцця і казахстанскімі партнёрамі ў асобе Нацыянальных інфармацыйных сістэм. Новыя тэхналогіі ствараюць новыя выклікі, што патрабуе неадкладнага рэгулявання ў частцы іх бяспечнага і кантралюемага выкарыстання. Гэта таксама пункт прыкладання нашых сумесных намаганняў для распрацоўкі адпаведных міжнародных прававых актаў і стандартаў, балазе наш патэнцыял дае магчымасць вырашаць і такія задачы. Беларусь — краіна з высокім узроўнем падрыхтоўкі і дасягненняў у сферы лічбавага развіцця, гатова быць надзейным партнёрам у вырашэнні пытанняў стратэгічнага супрацоўніцтва ў сферы высокіх тэхналогій», — сказаў на заканчэнне ён.