25 сакавіка 2017 г. пад эгідай Сусветнага фонду дзікай прыроды ва ўсім свеце ўжо ў 10-ы раз пройдзе адна з самых вядомых экалагічных акцый - «Гадзіна Зямлі». Лозунг акцыі ў 2017 годзе - «Змяняй сябе, а не планету», а яе тэмай будзе адказнае стаўленне чалавека да прыроды. Таму «Гадзіна Зямлі» з'яўляецца сімвалам беражлівых адносін да прыроды. Акцыя накіравана на прыцягненне ўвагі людзей да праблемы глабальнага пацяплення і заклікае заставацца неабыякавымі да будучыні планеты. Актыўным удзельнікам акцыі стала і Рэспубліка Беларусь. У 2016 годзе «Гадзіна Зямлі» прайшла у Мінску, Віцебску, Гродне, Гомелі, Брэсце, Баранавічах, Пінску, Браславе, Чавусах, дзе на адну гадзіну згасла падсветка адміністрацыйных будынкаў, гандлёвых цэнтраў, а таксама прайшлі канцэрты, лекцыі, велапрабег, выступілі тэатры ценяў. У Мінску на адну гадзіну згасла падсветка праспектаў Незалежнасці і Пераможцаў, агні Нацыянальнай бібліятэкі, падсветка на будынках гандлёвых цэнтраў, універсітэтаў і кафэ. Усяго ў мінулым годзе да акцыі далучыліся больш за 178 краін, патушыўшы падсветку на больш чым 12 000 архітэктурных аб'ектаў і правёўшы каля 2 млн публічных мерапрыемстваў. Як падтрымаць акцыю «Гадзіна Зямлі-2017»? 1. Выключыць святло ў 20:30 у суботу 25 сакавіка ў вашым доме ці офісе, а таксама падсветку рэкламы арганізацыі ў гэты час. 2. Расказаць усім арандатарам памяшканняў пра Гадзіну Зямлі, каб яны выключылі святло на адну гадзіну ў 20:30 у суботу 25 сакавіка. 3. Выключаць на працоўным месцы ў канцы рабочага дня святло, прынтэры, маніторы, кампутары, мікрахвалевыя печы і кававаркі - вось тое нямногае, што можна зрабіць, каб скараціць шкодныя выкіды ўжо зараз. Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь заклікае ўсіх прыняць удзел у акцыі. Хай актыўны ўдзел у акцыі стане імпульсам да таго, каб кожны чалавек і ўся краіна сталі больш адказнымі ў сваіх словах і ўчынках ў адносінах да сваёй планеты! Даведачна: Гадзіна Зямлі - штогадовая міжнародная падзея, арганізатарам якой выступае Сусветны фонд дзікай прыроды (WWF). Праводзіцца ў апошнюю суботу сакавіка і заклікае - прыватных асоб, прадпрыемстваў, устаноў адукацыі, дзяржаўных і камерцыйных арганізацый - выключыць святло і другія не жыццёва важныя электрапрыборы (акрамя ліфтоў) на адну гадзіну, каб стымуляваць цікавасць да праблемы змянення клімату, энергетычнага аб'яднання чалавецтва. Упершыню гэта мерапрыемства было арганізавана Сусветным фондам дзікай прыроды ў Аўстраліі сумесна з выданнем The Sydney Morning Herald у 2007 годзе, ужо на наступны год атрымала сусветную падтрымку, а ў 2009 годзе ўжо стала самай масавай акцыяй у гісторыі чалавецтва - паводле ацэнак WWF, яно закранула больш мільярда жыхароў планеты. PDF