8 студзеня 2019 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне паштовы блок «Сучасныя ратавальнікі»

У Рэспубліцы Беларусь створана паўнавартасная служба ратавання, гатовая да рэагавання на любыя надзвычайныя сітуацыі. Пажары, дарожна-транспартныя здарэнні, работа на вадзе, у лесе, у небе – ратавальнікі здольныя вырашыць самыя складаныя задачы.
Яны не раз дэманстравалі свой прафесіяналізм пры ліквідацыі буйных тэхнагенных аварый, у барацьбе з прыроднымі катаклізмамі.
Сучасныя беларускія ратавальнікі дапамагаюць не толькі сваім суайчыннікам, яны могуць выехаць практычна ў любую кропку свету, калі гэта спатрэбіцца. Дэвіз людзей, якія штодзень ратуюць жыцці, – «Прафесіяналізм. Адвага. Гонар».

У аснове блока – эмблема Цэнтральнага апарату Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, на канверце «Першы дзень» – эмблема Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, у супрацоўніцтве з якім падрыхтаваны праект.
Дызайн Т.Кузняцовай.