11 студзеня 2025 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне чатыры паштовыя маркі з серыі «Маляванка».
Маркі друкаваліся таксама ў малым лісце.
Фота С. Плыткевіча. Дызайн Я. Бядонік.
Маркі друкаваліся ў РУП «Бабруйская ўзбуйненая друкарня імя А.Ц. Непагодзіна».
Маляваныя дываны, яны ж маляванкі – асаблівы від народнага мастацтва Беларусі. Яго адносяць да так званага наіўнага мастацтва – кірунку прымітывізму. Маляванкі ўяўляюць сабой вялікія (да 2 метраў) дываны, намаляваныя, як правіла, на даматканым палатне, афарбаваным у чорны колер.
Маляванкі атрымалі вялікае распаўсюджванне ў перыяд з 1920-х па 1960-я гады. Іх вешалі на сцены ў дамах для ўпрыгажэння або як абярэг. Паступова гэты від мастацтва пайшоў на спад з-за развіцця фабрычнай вытворчасці дываноў.
Сёння маляваныя дываны можна ўбачыць у музеях Беларусі. Самая вялікая калекцыя (каля 300 адзінак) знаходзіцца ў зборы гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Заслаўе». Найбольш вядомыя і самабытныя мастакі, якія працавалі ў гэтым напрамку, – Алена Кіш і Язэп Драздовіч, чые творы і прадстаўлены на паштовых марках з серыі «Маляванка».
Праект падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з гісторыка-культурным музеем-запаведнікам «Заслаўе».
У дзень выпуску паштовых марак у абарачэнне на паштамце Мінска будзе праводзіцца спецыяльнае гашэнне на канверце «Першы дзень».
Да выпуску падрыхтаваны карткі для картмаксімумаў.