29 верасня 2016 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне паштовы блок «Іканапіс Беларусі»

29 верасня 2016 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне паштовы блок «Іканапіс Беларусі».

Блок друкаваўся ў РУП «Бабруйская ўзбуйненая друкарня імя А.Ц.Непагодзіна». Дызайн А.Мядзведзь.

Абраз Маці Божай Адзігітрыі паходзіць з Петра-Паўлаўскай царквы аг. Галынка Клецкага раёна Мінскай вобласці. Выява Маці Божай з Немаўляткам Хрыстом паказвае Яе найбольш распаўсюджаны ва ўсходнехрысціянскім мастацтве іконаграфічны тып, які атрымаў назву «Адзігітрыя» (грэч. – Пуцяводніца). Хрыстос у Евангеллі кажа пра Сябе: «Я ёсць шлях», а Маці Божая паказвае гэты шлях і дапамагае ісці па ім. Прадстаўленая фігура Марыі злёгку павернута да Немаўляці, які сядзіць на Яе левай руцэ. Правая рука Маці Божай звернута да Сына ў малельным жэсце. У левай руцэ Хрыстос трымае скрутак – сімвал дабравесця, правай – благаслаўляе.

Абраз Святога Антонія Падуанскага паходзіць з царквы Архангела Міхаіла в. Мірацічы Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці.
Антоній Падуанскі (1195–1231) – блізкі сябра і паслядоўнік святога Францішка Асізскага, святы заступнік Падуі. Левую палову жывапіснага поля прадстаўленага абраза займае ахвярны прастол. На краі яго няўстойліва сядзіць падлетак Ісус, трымаючы на левай руцэ дзяржаву і благаслаўляючы правай. На стале стаіць каўчэжац для святых дароў, нагадваючы аб адным з цудаў святога Антонія. Святы прапаведнік з разгалінаванай ружай стаіць побач з Ісусам.

Праект падрыхтаваны па матэрыялах са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

У дзень выпуску паштовага блока ў абарачэнне ў аддзяленні паштовай сувязі № 1 Мінска (магазін «Філатэлія», вул. Маскоўская, 16) будзе праводзіцца спецыяльнае гашэнне на канверце «Першы дзень».

З больш падрабязнай інфармацыяй можна азнаёміцца тут