1 ліпеня 2025 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне дзве паштовыя маркі і блок з серыі «Машынабудаванне Беларусі».
Фота А. Шышко, М. Малюціна, А. Оландэра. Дызайн Я. Бядонік.
Маркі друкаваліся ў РУП «Бабруйская ўзбуйненая друкарня імя А.Ц. Непагодзіна».
Выпуск серыі «Машынабудаванне Беларусі» прадстаўлены двума паштовымі маркамі і паштовым блокам, якія дэманструюць грамадскі электрычны транспарт вытворчасці «БКМ Холдынг» (вядомы як «Белкамунмаш», раней – «Белрамкамунмаш»).
На марцы № 1630 намаляваны аднасекцыйны, цалкам нізкападлогавы трамвайны вагон Т811, які мае першы ўзровень беспілотнага кіравання, што падразумявае наяўнасць сістэм дапамогі вадзіцелю. Серыйна выпускаецца з 2023 года.
На марцы № 1631 паказаны нізкападлогавы сучленены тралейбус 43300D серыі «Вітаўт». Упершыню пастаўлены ў Віцебск у 2019 годзе. Вонкава амаль не адрозніваецца ад электробусаў Е433 (працуюць на маршруце № 1 у Мінску). Валодае павялічаным аўтаномным ходам да 20 км.
На палях паштовага блока – першы беларускі трамвай 1М і першы беларускі тралейбус мадэлі 101.
На канверце Першага дня – будынак холдынгу «Белкамунмаш» у Мінску і пасажырскі транспарт: трамвай, тралейбус, электробус.
Праект падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з адкрытым акцыянерным таварыствам «Кіруючая кампанія холдынгу «Белкамунмаш».
У дзень выпуску паштовых марак і блока ў абарачэнне на паштамце Мінска будзе праводзіцца спецыяльнае гашэнне на канверце «Першы дзень».