Навіны філатэліi: 900-годдзе Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра ў Полацку

27 мая 2025 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне паштовы блок «900-годдзе Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра ў Полацку».

Дызайн Я. Бядонік.

У аснове блока – карціна «Еўфрасіння Полацкая» (мастакі А. Ліпскі і С. Лагуновіч-Чарэпка), фота для маркі і канверта Першага дня У. Суцягіна.

Блок друкаваўся ў РУП «Бабруйская ўзбуйненая друкарня імя А.Ц. Непагодзіна».

Спаса-Еўфрасіннеўскі жаночы манастыр у г. Полацку заснаваны ў 1125 годзе прападобнай Еўфрасінняй, ігуменняй і князёўнай Полацкай. Яе нятленныя мошчы знаходзяцца ў самым вялікім храме манастыра – Крыжаўзвіжанскім саборы, пабудаваным у 1987 годзе.

Жамчужынай комплексу з'яўляецца Спаса-Праабражэнскі храм XII стагоддзя з самым старым фрэскавым роспісам, які захаваўся на тэрыторыі Беларусі, – унікальным творам старажытнарускага манументальнага мастацтва сусветнай значнасці. Для Спаскай царквы ў 1161 годзе па заказе Еўфрасінні майстар-ювелір Лазар Богша стварыў адну з галоўных святынь Беларускай Праваслаўнай Царквы – напрастольны Крыж-каўчэг у старажытнавізантыйскай тэхніцы перагародчатай эмалі (згублены ў 1941 годзе, адноўлены ў 1997 годзе).

Архітэктурны ансамбль і тэрыторыя Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Праект падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з Беларускай Праваслаўнай Царквой.

У дзень выпуску паштовага блока ў абарачэнне ў аддзяленні паштовай сувязі № 15 Полацка Віцебскай вобласці будзе праводзіцца спецыяльнае гашэнне на канверце «Першы дзень».

Малюнак
Малюнак