2 лютага 2018 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне паштоўку «125 гадоў з дня нараджэння Максіма Гарэцкага». Максім Іванавіч Гарэцкі (18.02.1893, в. Малая Багацькаўка, Магілёўская губерня, Расійская імперыя, цяпер Мсціслаўскі р-н Магілёўскай вобл. – 10.02.1938) – беларускі пісьменнік, літаратуразнавец, лексікограф, перакладчык, фалькларыст, дзеяч беларускага нацыянальнага руху пачатку XX стагоддзя. Друкаваўся з 1912 г. Першы зборнік мастацкай прозы «Рунь». Многія творы Гарэцкага прысвечаны перажытай ім вайне, у тым ліку і найбольш вядомыя «Ціхая плынь» і «На імперыялістычнай вайне». У 1920 г. напісаў і выдаў першую «Гісторыю беларускай літаратуры». Склаў некалькі беларуска-рускіх і руска-беларускіх слоўнікаў. Збіраў беларускі фальклор, перакладаў з польскай, рускай, старажытнарускай моў («Слова пра паход Ігараў»). Творы Гарэцкага перакладзены на балгарскую, латышскую, літоўскую, нямецкую, польскую, рускую і ўкраінскую мовы. У 1937 г. арыштаваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957 г. Праект падрыхтаваны пры садзейнічанні грамадскага аб'яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі». Спецыяльнае памятнае гашэнне будзе праводзіцца 18 лютага ў аддзяленні паштовай сувязі № 1 Мінска (магазін «Філатэлія», вул. Маскоўская, 16). PDF