21 снежня 2017 года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падпісаў Дэкрэт № 8 «Аб развіцці лічбавай эканомікі».
Перш за ўсё прававы акт накіраваны на:
- развіццё Парку высокіх тэхналогій (ПВТ);
- развіццё інавацыйнай сферы;
- пабудову сучаснай лічбавай эканомікі ў Рэспубліцы Беларусь.
Згодна з дакументам, Палажэнне аб Парку высокіх тэхналогій, зацверджанае Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 22 верасня 2005 г. № 12, выкладзена ў новай рэдакцыі. Таксама прававым актам удакладнены межы ПВТ.
Дэкрэтам устаноўлена, што тэрмін дзеяння спецыяльнага прававога рэжыму ПВТ з захаваннем прынцыпу экстэрытарыяльнасці падоўжаны з 2020 года да 1 студзеня 2049 г.
Акрамя таго, рэзідэнты ПВТ дадаткова атрымалі права ажыццяўляць адукацыйную дзейнасць у сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій; дзейнасць у сферы кіберспорту, штучнага інтэлекту; дзейнасць аператара крыптаплатформы; дзейнасць аператара абмену крыптавалют; майнінг і інш.
Таксама прадугледжана фарміраванне неабходных умоў для ўкаранення ў эканоміку Рэспублікі Беларусь тэхналогіі рэестра блокаў транзакцый (блокчэйн). Так, лічбавыя знакі (токены) зараз з'яўляюцца аб'ектам праваадносін і абарачэнне токенаў будзе рэгулявацца заканадаўча. Дэкрэтам устаноўлена, хто мае права валодаць токенамі, асаблівасці іх валодання, якія аперацыі могуць быць з імі праведзены і праз каго. Адзначаецца, што токены не падлягаюць дэклараванню.
Важнай навацыяй дакумента з'яўляецца прадастаўленне шэрагу льгот і прэферэнцый удзельнікам адносін, звязаных з прымяненнем сучасных тэхналогій. Так, да 1 студзеня 2023 г. не будуць абкладацца падаткам наступныя даходы:
- абароты, прыбытак рэзідэнтаў ПВТ ад дзейнасці па майнінгу, стварэнню, набыцці, адчужэнні токенаў;
- даходы фізасоб ад дзейнасці па майнінгу, набыцця (у тым ліку ў парадку дарэння), адчужэння токенаў за беларускія рублі, замежную валюту, электронныя грошы і (або) абмену на іншыя токены;
- абароты па адчужэнні токенаў, у тым ліку абароты па іх адчужэнні замежнымі арганізацыямі, якія не ажыццяўляюць дзейнасць у Рэспубліцы Беларусь праз пастаяннае прадстаўніцтва і не знаходзяцца ў сувязі з гэтым на ўліку ў падатковых органах Рэспублікі Беларусь;
- прыбытак ад адчужэння токенаў шляхам іх абмену на іншыя токены.
Акрамя таго, у межах ПВТ будзе праведзены прававы эксперымент, асноўнай мэтай якога з'яўляецца апрабацыя новых прававых інстытутаў для далейшага іх ўкаранення ў грамадзянскае заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Так, у рамках дадзенага эксперыменту рэзідэнты ПВТ змогуць заключаць паміж сабой і (або) з трэцімі асобамі:
- дагаворы канверсоўнай пазыкі;
- пагадненні аб прадастаўленні апцыёна на заключэнне дагавора і апцыйны дагавор;
- смарт-кантракты;
- пагаднення аб кампенсацыі маёмасных страт і інш.
Прававым актам замацаваны комплекс мер для прыцягнення ў краіну спецыялістаў высокага ўзроўню ў ІТ-сфере. Напрыклад, рэзідэнтам ПВТ не патрабуецца атрымліваць спецыяльны дазвол на права займацца працоўнай дзейнасцю ў Рэспубліцы Беларусь у дачыненні да грамадзян іншых краін, якіх прымаюць на работу ў ПВТ. Такім грамадзянам іншых краін у спрошчаным парадку выдаецца дазвол на часовае пражыванне ў Беларусі. Для замежных работнікаў і заснавальнікаў рэзідэнтаў ПВТ візы адмененыя.
Асноўныя палажэнні Дэкрэта ўступаюць у сілу праз тры месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання.
Па інфармацыі Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь
Пры выкарыстанні матэр'яла спасылка на Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь абавязкова!