4 мая 2021 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне дзве паштовыя маркі з серыі «EUROPA». Маркі друкаваліся таксама ў малым лісце. Мастак А.Міцянін. Дызайн М.Віткоўскай. Маркі друкаваліся ў РУП «Бабруйская ўзбуйненая друкарня імя А.Ц.Непагодзіна». Прадстаўленыя на паштовых марках віды занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Вяртлявая чаротаўка – пералётны від. Насяляе толькі адкрытыя асаковыя нізінныя балоты. Гняздзіцца ў Беларусі, Венгрыі, Германіі, Літве, Польшчы, Расіі, Украіне. Цэнтрам сучаснага арэала з'яўляецца Палеская нізіна. Вясной з'яўляецца ў канцы красавіка – пачатку мая, адлятае ў жніўні. Хамяк звычайны – параўнальна буйны грызун з прыгожай пярэстай афарбоўкай. Грызуну прысвоены вышэйшы ахоўны статус для дзікіх папуляцый – статус віду, які апынуўся на мяжы знікнення. Яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму звычайны хамяк быў настолькі шырока распаўсюджаны, што лічыўся небяспечным шкоднікам сельскай гаспадаркі і падлягаў знішчэнню. Гэта прывяло да рэзкага скарачэння яго колькасці. Маркі друкаваліся з лагатыпам «EUROPA». У дзень выпуску паштовых марак у абарачэнне на паштамце Мінска будзе праводзіцца спецыяльнае гашэнне на канверце «Першы дзень». Да выпуску падрыхтаваны карткі для картмаксімумаў. Мастак А.Міцянін. Дызайн М.Віткоўскай. PDF