6 красавіка 2021 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне чатыры паштовыя маркі на тэму «Грызуны» з серыі «Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь»

Маркі друкаваліся таксама ў малым лісце.

Мастак А.Міцянін. Дызайн М.Віткоўскай.

Маркі друкаваліся ў ДП «Выдавецтва «Беларускі Дом друку».

Прадстаўленыя на паштовых марках віды сонь занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Самая рэдкая з сонь у Беларусі – садовая соня.
Соні актыўны ў прыцемках і ноччу. Харчуюцца насеннем раслін, жалудамі, ляснымі арэхамі, ягадамі, а таксама насякомымі. Садовыя соні любяць плады яблынь, груш і іншых дрэў. У рацыён харчавання соні-палчка ўваходзіць маладое лісце ліпы, клёна, дуба, пупышкі і кара парасткаў.
З надыходам халадоў звяркі ўпадаюць у зімовую спячку. Садовыя соні бесперапынна спяць каля месяца, затым прачынаюцца на 1–2 дні і зноў засынаюць. Самая працяглая спячка ў соні-палчка: з канца верасня да красавіка.
Звычайная палятуха таксама вядзе начны лад жыцця, але актыўна ўвесь год. Лёгка і спрытна лазіць па ствалах і галінах дрэў, нярэдка ўніз галавой. Харчуецца пупышкамі, парасткамі, маладым лісцем, насеннем, ягадамі, арэхамі і пладамі драўнінна-хмызняковых раслін, грыбамі, часам насякомымі. Трымаецца ў кроне дрэва або ў дупле. На зямлю спускаецца рэдка, бо можа стаць ахвярай любога драпежніка з-за марудлівасці рухаў. Занесена ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

У дзень выпуску паштовых марак у абарачэнне на паштамце Мінска будзе праводзіцца спецыяльнае гашэнне на канверце «Першы дзень».

Да выпуску падрыхтаваны карткі для картмаксімумаў. Мастак А.Міцянін. Дызайн М.Віткоўскай.

Інфармацыйны лісток (.pdf)