На 40-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА было прынята рашэнне аб уключэнні ў Каляндар памятных дат ЮНЕСКА на 2020 год 150-годдзе з дня нараджэння вядомага мастака, пейзажыста, графіка, тэатральнага дэкаратара і педагога, ураджэнца Беларусі Фердынанда Рушчыца.
На працягу года ў Мінску і на радзіме мастака ў вёсцы Багданава Валожынскага раёна Мінскай вобласці праходзілі святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да гэтай даты.
Адным з цэнтральных элементаў святкавання юбілею стала афіцыйная цырымонія гашэння паштовай маркі, падрыхтаванай Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь і рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам паштовай сувязі «Белпошта» ў рамках тэматыкі Рэгіянальнай садружнасці ў галіне сувязі - «Дзеячы мастацтваў».
Прэзентацыя паштовага праекта «Фердынанд Рушчыц» адбылася 5 лістапада 2020 года ў «Паштовым салоне».
У мерапрыемстве ўзялі ўдзел:
Міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Уладзіміравіч Макей;
Першы намеснік Міністра сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Павел Мікалаевіч Ткач;
Намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Валерый Іванавіч Грамада.
Першы намеснік Міністра сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Павел Мікалаевіч Ткач сардэчна прывітаў гасцей, адзначаючы, што прэзентацыя паштовага праекта праходзіць упершыню ва ўтульным «Паштовым салоне» ў будынку Галоўпаштамта, які літаральна на пачатку кастрычніка быў адкрыты.
Выданне паштовых марак - гэта ўнікальная магчымасць папулярызацыі культурнай спадчыны Беларусі. З 1992 года і па цяперашні час выпушчана ў абарачэнне 1 400 паштовых марак і многія з іх прысвечаны нацыянальнай культуры, архітэктуры, літаратуры, мастацтву.
«Фердынанд Рушчыц шмат падарожнічаў па Беларусі, а паштовая марка, падарожнічаючы па ўсім свеце, будзе дэманстраваць унікальны стыль і творчасць Майстра!», - адзначыў Павел Ткач.
Беларуская пошта падрыхтавала да гэтай падзеі экспазіцыю, якая дэманструе паштовыя выпускі на тэмы, уключаныя ў Каляндар памятных дат ЮНЕСКА.