Дызайн Т.Кузняцовай. Марка друкавалася ў РУП «Бабруйская ўзбуйненая друкарня імя А.Ц.Непагодзіна». Гісторыя органаў юстыцыі Беларусі пачалася ў лютым 1919 года, калі Цэнтральны выканаўчы камітэт БССР сфарміраваў Савет народных камісараў. На Камісарыят юстыцыі ў тыя гады ўскладалася задача забеспячэння рэвалюцыйнай законнасці і арганізацыі новай дэмакратычнай сістэмы судовых органаў. За сваю векавую гісторыю органы юстыцыі Беларусі зведалі мноства пераўтварэнняў і рэарганізацый, але пры гэтым працягвалі весці працу па ўдасканаленні прававой сістэмы і дзяржаўнай палітыкі ў сферы юстыцыі. У цяперашні час органы юстыцыі незалежнай Беларусі ажыццяўляюць важныя грамадзянска-прававыя функцыі, ад выканання якіх залежыць развіццё эканомікі, сацыяльнай, прававой і іншых сфер дзейнасці краіны, стаяць на варце абароны правоў і законных інтарэсаў дзяржавы, грамадства і кожнага грамадзяніна, у сваёй дзейнасці абапіраюцца на прынцыпы справядлівасці і сцвярджаюць трыумф закона. У аснове маркі – эмблема Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, у супрацоўніцтве з якім падрыхтаваны праект. У дзень выпуску паштовай маркі ў абарачэнне ў аддзяленні паштовай сувязі № 1 Мінска (магазін «Філатэлія», вул. Маскоўская, 16) будзе праводзіцца спецыяльнае гашэнне на канверце «Першы дзень». PDF