7 ліпеня 2018 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне чатыры паштовыя маркі і блок з серыі «Адміралы ваенна-марскога флоту, ураджэнцы Беларусі». Мастак В.Чайчук. Дызайн Я.Бядонік. Маркі і блок друкаваліся ў РУП «Бабруйская ўзбуйненая друкарня імя А.Ц.Непагодзіна». Беларусь не мяжуе з марской прасторай, тым не менш жыццё многіх беларусаў непарыўна звязана з ваенна-марскім флотам. Пасля Другой сусветнай вайны і да 1992 года амаль мільён беларусаў прысвяцілі сваё жыццё мору. Сёння ў Беларусі жыве больш за 200 тысяч чалавек, якія ў розныя гады служылі на флоце. Прадстаўлены паштовы праект прысвечаны чатыром ураджэнцам Беларусі: віцэ-адміралам Халасцякову Георгію Мікітавічу, Тамко Ягору Андрэевічу, Дразду Валянціну Пятровічу і контр-адміралу Дронаву Уладзіміру Мікалаевічу. Праект падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з Беларускім саюзам вайсковых маракоў. У дзень выпуску паштовых марак і блока ў абарачэнне ў аддзяленні паштовай сувязі № 1 Мінска (магазін «Філатэлія», вул. Маскоўская, 16) будзе праводзіцца спецыяльнае гашэнне на канверце «Першы дзень». Падрабязней на сайце РУП «Белпошта»