7 снежня 2017 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне паштовы блок «Выдатныя вучоныя Беларусі». У блоку чатыры маркі. Памер марак у блоку 28х25 мм. Памер блока 105х72 мм. Намінал кожнай маркі - А. Тыраж блока 15 тыс. Дызайн паштовага блока, спецштэмпеля і канверта «Першы дзень» Алены Мядзведзь. На паштовым блоку і ў аснове спецштэмпеля - лагатып Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, у супрацоўніцтве з якой падрыхтаваны праект. У дзень выпуску паштовага блока ў абарачэнне ў аддзяленні паштовай сувязі № 1 Мінска (крама «Філатэлія», вул. Маскоўская, 16) будзе праводзіцца спецыяльнае гашэнне на канверце «Першы дзень». Рэспубліка Беларусь па праву ганарыцца выбітнымі навукоўцамі, якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё навукі. Іх імёны вядомыя не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. Асаблівы гонар складаюць члены Нацыянальнай акадэміі навук (НАН) Беларусі. Акадэмік НАН Беларусі Усевалад Макаравіч Ігнатоўскі (1881-1931) - гісторык, грамадскі і палітычны дзеяч, аўтар больш за 40 навуковых і навукова-публіцыстычных прац, у тым ліку 8 манаграфій. Акадэмік НАН Беларусі Мікалай Аляксандравіч Барысевіч (1923-2015) - фізік, дзяржаўны і грамадскі дзеяч, аўтар больш за 430 навуковых прац, у тым ліку 3 манаграфій, 8 вынаходак, 1 навуковага адкрыцця. Акадэмік НАН Беларусі Васіль Феафілавіч Купрэвіч (1897-1969) - батанік, дзяржаўны і грамадскі дзеяч, аўтар больш за 100 навуковых прац, у тым ліку 7 манаграфій. Акадэмік НАН Беларусі Павел Восіпавіч Горын (сапр. Каляда; 1900-1938) - гісторык, дзяржаўны дзеяч, аўтар больш за 20 навуковых прац. PDF