Мінсувязі выпускае ў абарачэнне паштовую марку «Удачы ў посткросінгу!»

10 ліпеня 2021 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне паштовую марку «Удачы ў посткросінгу!».

Дызайн Я.Бядонік.

Марка друкавалася ў РУП «Бабруйская ўзбуйненая друкарня імя А.Ц.Непагодзіна».

Посткросінг – праект па абмене паштовымі карткамі і маркамі паміж людзьмі з розных краін. Прыдумаў гэту анлайн-платформу Паула Магальяйнш. Ён задумаў аб'яднаць людзей ва ўсім свеце незалежна ад іх месцазнаходжання, узросту, полу, расы або перакананняў.

Посткросінг – гэта проста! Дастаткова зарэгістравацца на сайце www.postcrossing.com і адправіць паштоўкі пяці жыхарам розных краін, адрасы якіх прапануе сістэма сайта. Як толькі першая з паштовак дасягне атрымальніка (ён зарэгіструе яе код на сайце), вы зможаце атрымаць яшчэ адрас, а ў гэты час хтосьці ўжо адправіць паштоўку вам!

У дзень выпуску паштовай маркі ў абарачэнне на паштамце Мінска і ў аддзяленні паштовай сувязі № 26 Віцебска будуць праводзіцца спецыяльныя гашэнні на канверце «Першы дзень».

Да выпуску падрыхтавана картка для картмаксімумаў.