13 жніўня 2018 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне тры паштовыя маркі з серыі «Рэптыліі. Яшчаркі», тыраж якіх складзе па 75 тысяч.
Маркі друкаваліся таксама ў малым аркушы. У лісце тры маркі. Да дадзенага выпуску падрыхтаваны карткі для картмаксімумаў. Мастак марак, спецштэмпеля, картак і канверта «Першы дзень» Аляксандр Міцянін, дызайн Марыны Віткоўскай.
У дзень выпуску паштовых марак у абарачэнне ў аддзяленні паштовай сувязі № 1 Мінска (крама «Філатэлія», вул. Маскоўская, 16) будзе праводзіцца спецыяльнае гашэнне на канверце «Першы дзень».
На тэрыторыі Беларусі сустракаецца 7 відаў рэптылій (паўзуноў): адзін від чарапах (чарапаха балотная), 3 віды змей (мядзянка, уж звычайны, гадзюка звычайная), 3 віды яшчарак (яшчарка жывародзячая, яшчарка жвавая, вераценніца ломкая).
Яшчарка жывародзячая з'яўляецца другім па масавасці відам рэптылій пасля жвавай яшчаркі. Названая так за ўласцівае ёй яйкажывароджанне: яна не адкладвае яйкі ў зямлю, а носіць іх у сабе.
Яшчарка жвавая - самы масавы від рэптылій рэспублікі. Сваю назву атрымала за хуткія і рэзкія, імпульсіўныя рухі.
Вераценніца - адзіны прадстаўнік бязногіх яшчарак у Беларусі. У многіх раёнах рэспублікі яе блытаюць з мядзянкай - атрутнай змяёй - і бязлітасна знішчаюць. Відавая назва дадзена дзякуючы здольнасці адкідаць (ламаць) хвост.
Больш падрабязная інфармацыя на сайцеРУП «Белпошта»