18 сакавіка 2022 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне паштовы блок «30 гадоў першай беларускай паштовай марцы». Дызайн Алены Мядзведзь. Блок друкаваўся ў РУП «Бабруйская ўзбуйненая друкарня імя А.Ц.Непагодзіна». Аддрукаваны таксама без перфарацыі. 20 сакавіка 1992 года пачалася гісторыя беларускай філатэліі. На першай паштовай мініяцюры – Крыж Еўфрасінні Полацкай. Створаны ў 1161 годзе, сёння ён з'яўляецца каштоўным творам мастацтва і адной з самых вядомых рэліквій Беларусі. За мінулыя 30 гадоў выпушчаны ў абарачэнне 1 452 паштовыя маркі. На іх вядомыя ўраджэнцы Беларусі: выдатныя гістарычныя асобы і асветнікі, пісьменнікі, вучоныя, кампазітары, палітыкі, маракі, касманаўты, мастакі. Прыгожыя беларускія замкі і палацы, шэдэўры нацыянальнай культуры, святы, знамянальныя даты, флора і фаўна – усё гэта на паштовых марках Рэспублікі Беларусь. У дзень выпуску паштовага блока ў абарачэнне на паштамце Мінска будзе праводзіцца спецыяльнае гашэнне на канверце «Першы дзень». PDF