Упершыню Сусветны дзень радыё адзначылі ў 2012 годзе, а рашэнне аб яго правядзенні ЮНЕСКА прыняла ў 2011-м. Дата правядзення выбрана не выпадкова - менавіта 13 лютага 1946 года ўпершыню выйшла ў эфір «Радыё ААН», якое размяшчалася ў штаб-кватэры Арганізацыі аб'яднаных нацый. Асноўная ідэя свята - аддаць належнае радыё як сродку сувязі, умацаваць міжнароднае супрацоўніцтва радыёвяшчальных кампаній, а таксама спрыяць пашырэнню доступу да інфармацыі і свабодзе выказвання меркаванняў на хвалях радыё. Радыё па-ранейшаму застаецца запатрабаваным сродкам распаўсюджвання і атрымання інфармацыі. Сёння ў Рэспубліцы Беларусь 421 радыёвяшчальны перадатчык дыяпазону вельмі высокіх частот забяспечвае эфірную трансляцыю гукавых праграм: «Першы нацыянальны канал Беларускага радыё», «Радыёканал Культура», «Радыус-FM», «Сталіца» і іншых праграм (уключаючы абласныя, рэгіянальныя і камерцыйныя праграмы ). Для атрымання своечасовай iнфармацыi аб грамадска-палітычным жыцці краіны арганізавана кругласутачная эфірная трансляцыя гукавой праграмы «Першы нацыянальны канал Беларускага радыё», прыём якой даступны на ўсёй тэрыторыі рэспублікі. Вяшчанне дадзенай гукавой праграмы ажыццяўляецца таксама ў складзе абавязковага агульнадаступнага пакета тэлепраграм па стандарце DVB-T. Развіццё радыёвяшчання пастаянна ўдасканальваецца з улікам уаранення перадавых тэхналогій, уключаючы доступ у глабальную сетку Інтэрнэт і наяўнасць сучасных гаджэтаў у насельніцтва. Сусветнай тэндэнцыяй у развіцці лічбавага гукавога вяшчання з'яўляецца ўкараненне сетак стандарту DAB+. Для забеспячэння магчымасці ўкаранення стандарту DAB+ на тэрыторыі рэспублікі на працягу года будзе вывучаны сусветны вопыт укаранення лічбавага гукавога вяшчання і распрацаваны частотна-тэрытарыяльны план для трох мультыплексаў лічбавага гукавога вяшчання ў дыяпазоне 174-230 Мгц. PDF