Мінсувязі выпускае ў абарачэнне паштовы блок «Іканапіс XXI ст.»

18 лютага 2018 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне паштовы блок «Іканапіс XXI ст.».

Прадстаўленыя на блоку іконы ўваходзяць у экспазіцыю міжнароднага выставачнага праекта «Святыя непадзельнай Царквы», якая складаецца з 116 твораў, напісаных у 2016–2017 гадах як выдатнымі майстрамі-іканапісцамі, так і маладымі мастакамі з 15 краін.

Прападобная Хільда, ігумення Уітбійская, шануецца як ігумення народа Англіі. Мясцовашанаваная святая Сурожскай епархіі Рускай Праваслаўнай Царквы.
Іканапісец Вольга Шаламава (Санкт-Пецярбург, Расія).

Свяціцель Марцін Турскі лічыцца адным з апекуноў Францыі. Іканапісец Аляксандр Чашкін (Масква, Расія).

Прападобны Гутлак Кроўлендскі, цудатворац, адзін з самых шанаваных англічанамі святых-пустэльнікаў. Мясцовашанаваны святы Сурожскай епархіі Рускай Праваслаўнай Царквы.
Іканапісец Антон Дайнека (Мінск, Беларусь).

Адлюстраваныя святыя шануюцца праваслаўнымі, каталікамі, а таксама англіканамі (святыя Хільда і Гутлак).

Праект падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з Усіхсвяцкім прыходам г. Мінска, садружнасцю «Артас» (г. Масква) і Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь. Дызайн А.Мядзведзь.

У аснове канверта «Першы дзень» – лагатып праекта «Святыя непадзельнай Царквы» (аўтар Аляксей Чэкаль).

У дзень выпуску паштовага блока ў аддзяленні паштовай сувязі № 1 Мінска (магазін «Філатэлія», вул. Маскоўская, 16) будзе праводзіцца спецыяльнае гашэнне на канверце «Першы дзень».

РУП "Белпошта"