Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне памятны спецштэмпель, які будзе выкарыстоўвацца 22 сакавіка 2018 года для правядзення спецыяльнага памятнага гашэння, прысвечанага 75-годдзю трагедыі Хатыні. Месца гашэння – Лагойск-1 Мінскай вобл. Колер масцікі – чырвоны. Дызайн спецштэмпеля В.Когут. 22 сакавіка 1943 года вёска Хатынь папоўніла спіс тысяч беларускіх населеных пунктаў, знішчаных нацыстамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Роўна 75 гадоў таму 149 жыхароў Хатыні, у тым ліку 75 дзяцей, былі жывымі спалены гітлераўцамі. Сёння на месцы вёскі – вядомы ўсяму свету мемарыяльны комплекс «Хатынь». Праект падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з дзяржаўным мемарыяльным комплексам «Хатынь». Да гэтай падзеі РУП «Белпошта» падрыхтавала мастацкі маркіраваны канверт з літарнай маркай «А». На канверце: скульптура «Няскораны»; мемарыяльныя элементы «Могілкі вёсак», «Сцяна памяці»; абеліскі са званамі (архітэктары Ю.Градаў, В.Занковіч, Л.Левін, скульптар С.Селіханаў). Дызайн канверта В.Когут. Падрабязней на сайце РУП "Белпошта" PDF