22 чэрвеня 2017 года ў зале пасяджэнняў Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь адбылася ўрачыстая цырымонія спецыяльнага гашэння паштовай маркі «95 гадоў беларускай пракуратуры». У цырымоніі прынялі ўдзел: - Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Аляксандр Уладзіміравіч Канюк; - Міністр сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Пятровіч Папкоў. На мерапрыемстве таксама прысутнічала кіраўніцтва Вярхоўнага Суда, Следчага камітэта, праваахоўных і дзяржаўных органаў, работнікі Генеральнай пракуратуры, пракуроры абласцей і г. Мінска. Паштовы праект, які складаецца з паштовай маркі, канверта «Першы дзень» і спецыяльнага штэмпеля, падрыхтаваны рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам паштовай сувязі "Белпошта" і Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь у цесным узаемадзеянні з Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь. Мастацкай асновай паштовага праекта сталі архіўныя дакументы і эмблема пракуратуры Рэспублікі Беларусь. На купоне размешчаны словы з Прысягі пракурорскага работніка: «Прысвячаючы сябе служэнню закону ...» «З 2016 года пачалі выпускацца ўнікальныя паштовыя праекты, прымеркаваныя да юбілейных дат дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, аднымі з першых такіх паштовых выпускаў сталі маркі, прымеркаваныя да 26-га пасяджэння Каардынацыйнага савета генеральных пракурораў дзяржаў - удзельніц СНД », - праінфармаваў міністр. Беларускія маркі - гэта не толькі дзяржаўныя знакі паштовай аплаты. Дзякуючы сваёй разнастайнай тэматыцы, яны асвятляюць знамянальныя падзеі, юбілеі, аспекты жыцця і культуры краіны. Марка - непаўторны і лаканічны спосаб расказаць жыхарам усяго свету пра важныя падзеі ў жыцці нашай краіны. Ужо сёння выпуск, прысвечаны 95-годдзю беларускай пракуратуры, разляціцца на паштовых адпраўленнях па ўсім свеце, трапіць ў альбомы айчынных і замежных філатэлістаў. PDF