Напярэдадні Дня Незалежнасці ў беларускай сталіцы ўрачыста адкрыта абноўленая Рэспубліканская дошка Гонару. 26 чэрвеня падпісаны Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №255 "Аб занясенні на Рэспубліканскую дошку Гонару пераможцаў спаборніцтва за 2017 год". Гэтым Указам да занясення на Рэспубліканскую дошку Гонару вызначаны 64 пераможцы спаборніцтваў у адпаведных намінацыях сярод абласцей і горада Мінска, раёнаў, гарадоў (раёнаў у гарадах), арганізацый усіх формаў уласнасці. У ліку пераможцаў спаборніцтва за дасягненне ў 2017 годзе найлепшых паказчыкаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця і эканоміі рэсурсаў на ёй прадстаўлены тры арганізацыі сувязі. Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця абноўленай Рэспубліканскай дошкі Гонару прынялі ўдзел кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, арганізацый, якія сталі пераможцамі спаборніцтва, прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскасці горада. У намінацыі «За дасягненне найлепшых паказчыкаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця сярод арганізацый сферы паслуг, якія ажыццяўляюць паштовую дзейнасць і дзейнасць у галіне тэлекамунікацый» пераможцамі сталі ТАА «Дзелавая сетка» і Мінскі філіял РУП "Белтэлекам". Віцебскі філіял РУП «Белтэлекам» дасягнуў найлепшых вынікаў у эканоміі рэсурсаў. Занясенне на Рэспубліканскую дошку Гонару з'яўляецца грамадскім прызнаннем працы прадпрыемстваў, якія ўнеслі важкі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё і дабрабыт краіны. Віншуем калектывы прадпрыемстваў-пераможцаў, жадаем новых прафесійных поспехаў! PDF