14 верасня 2024 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне тры паштовыя маркі на тэму «Гомельшчына» з серыі «Беларускі край». Маркі друкаваліся таксама ў малым лісце. Дызайн С. Цырулік. Фота С. Плыткевіча, І. Шыпілавай, А. Саладкова, В. Дземуковай, КУП «Рэдакцыя газеты «Гомельская праўда». Дызайн канверта Першага дня Я. Бядонік. Маркі друкаваліся ў РУП «Бабруйская ўзбуйненая друкарня імя А.Ц. Непагодзіна». Гомельская вобласць – найбуйнейшая па тэрыторыі вобласць Беларусі. Абласны цэнтр – горад Гомель. Запаведная прырода беларускага Палесся, унікальныя пойменныя дубровы і найбагацейшая фаўна ракі Прыпяць, старажытны Тураў (упершыню згадваецца пад 980 годам у «Аповесці мінулых гадоў»), а таксама Гомель, Мазыр, Рэчыца, Добруш і Лоеў – бясцэнная спадчына Гомельшчыны. У рэгіёне знаходзіцца мноства помнікаў археалогіі, гісторыі, культуры і архітэктуры, праходзяць знакавыя фестывалі рэгіянальнага, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Праект падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з Гомельскім абласным выканаўчым камітэтам. У дзень выпуску паштовых марак у абарачэнне ў аддзяленні паштовай сувязі № 48 Гомеля будзе праводзіцца спецыяльнае гашэнне на канверце «Першы дзень». Да выпуску падрыхтаваны карткі для картмаксімумаў. PDF