Сувязь будуе свае перспектывы

У чацвер, 11 чэрвеня, на базе раённага ўчастка паштовай сувязі была арганізавана грамадская прыёмная, падчас якой першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Павел Ткач сустракаўся з жыхарамі Пружанскага раёна.

У абмеркаванні зваротаў і заўваг таксама прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Вярэха, кіраўнікі мясцовых служб пошты і электрасувязі Таццяна Ільяшэвіч і Аляксандр Валынскі.

Як паведаміў Павел Мікалаевіч, падчас такіх грамадскіх сустрэч да яго паступаюць пытанні ад наведвальнікаў у большай ступені аднолькавыя, незалежна ад рэгіёна.

— На першым месцы ідуць заўвагі адносна якасці сувязі, у прыватнасці, просьбы паспрыяць таму, каб у вызначаным населеным пункце як мага хутчэй былі пракладзены лініі оптавалаконнай сувязі. Пра новыя магчымасці і зручнасці такой тэхналогіі ўжо добра вядома беларусам. І там, дзе «оптыкі» пакуль няма, яе чакаюць з нецярпеннем. А на другім месцы — пытанні аб якасці паштовых паслуг, звязаных з новымі сэрвіснымі фарматамі і аптымізацыі адпаведнай сеткі,— зазначыў намеснік міністра.

Таксама Павел Мікалаевіч адзначыў той кантроль, які дзейнічае ў дачыненні да работы мабільных аператараў, асабліва іх тарыфнай палітыкі. А напрыканцы высокі госць падзяліўся планамі адносна тэхнічнага развіцця раённай сеткі сувязі.

Потым першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Павел Ткач прыняў удзел у пасяджэнні выканкама, на якім абмяркоўваліся пытанні арганізацыі паштовай сувязі на тэрыторыі Пружанскага раёна (дакладчык Таццяна Ільяшэвіч), выканання Дзяржаўнай праграмы «Беларусь гасцінная» за 2021-2025 гады (дакладчык Таццяна Вярэха).

Адносна гэтых тэм свае погляды выказаў старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, які звярнуў увагу на дзейнасць паштовых аддзяленняў у сельскай мясцовасці і выказаў заўвагі да працэсу актывізацыі турыстычнага сектара ў раёне.

Крыніца:

https://www.budni.by/suvyaz-budue-svae-perspektyvy/