ДАВАЙЦЕ СЯБРАВАЦЬ І НАДАЛЕЙ!

Друкаваная версія
04.11.2016

У мінулую пятніцу ў Бярэзінскім гарадскім аддзяленні паштовай сувязі ў чарговы раз прайшоў Дзень падпісчыка.

У гэты ж дзень міністр сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Пятровіч Папкоў правёў выязны прыём грамадзян менавіта ў Беразіно.

Таму, зразумела, ён завітаў і ў гарадское аддзяленне паштовай сувязі, дзе пазнаёміўся з работай аддзялення, а таксама паўдзельнічаў у Дні падпісчыка.

Прыемна, што практычна ўсе, хто зазірнуў у гэты дзень у паштовае аддзяленне, падыходзілі да начальніка ўчастка па абмену і апрацоўцы пошты Наталлі Рыгораўны Сіняк, каб аформіць чарговую падпіску роднай “Бярэзінскай панарамы”.

Хтосьці выпісаў газету на апошнія два месяцы гэтага года, іншыя – ужо на першы ці нават і на другі квартал 2017 года. А мы падрыхтавалі падарункі нашым паважаным сябрам­падпісчыкам ­ каляндарык і блакнот з лагатыпам газеты, а самым даўнім чытачам – кніжку “Скажам дзякуйветэранам”.

Бываю вельмі часта на Днях падпісчыка. Звычайна выпісваю 1­2 рэспубліканскія газеты і штосьці “для душы” з часопісаў. Таму мяне здзівіла, што ваша раёнка такая папулярная, ­ гаварыла вядучы інжынер аддзела маркетынгу і паслуг Мінскага філіяла РУП “Белпошта” Вольга Ігараўна Шэбека.

Мы вырашылі пацікавіцца ў нашых падпісчыкаў, чаму яны выбіраюць “Бярэзінскую панараму”, што ім падабаецца ў “раёнцы”, а што б хацелі змяніць?

Ганна Іванаўна ТАРАСЕВІЧ, вёска Сасновае Балота:
Пастаянна выпісваю “раёнку”. Заўсёды знаходжу ў ёй шмат цікавых замалёвак пра людзей, карысных навін пра жыццё горада і раёна. Падабаецца чытаць матэрыялы пра вандроўкі па Бярэзіншчыне, старонку “Колокол”, матэрыялы пра свята вёскі, рубрыку “Гутаркі ўрача”. Я аматар паэзіі, таму хацелася б, каб у газеце з’явілася і “Літаратурная старонка”, дзе б друкаваліся вершы, магчыма, нават бярэзінскіх аўтараў.

Тамара Міхайлаўна МІШТАЛЬ, горад Беразіно:
Раённую газету чытаю, здаецца, усё свядомае жыццё. Добра, што большасць артыкулаў друкуецца на “матчынай” мове. Цудоўна, што ў газеце часта “свецяцца” знаёмыя людзі, можна пачытаць пра тое, як прайшлі тыя альбо іншыя святы ў раёне, даведацца пра“свежыя” навіны. Цікава пачытаць і пра тое, што вырашылі на раённых пасяджэннях, якія змены адбыліся ў заканадаўстве… Жадаю, каб вы і далей ішлі ў нагу з часам і аператыўна знаёмілі нас з навінамі раёна і краіны.

Наталля Сяргееўна ХМЯЛЕЎСКАЯ, горад Беразіно:
І я таксама даўні чытач “Бярэзінскай панарамы”. Нават і не ведаю, якую рубрыку выдзеліць, бо ўсё чытаю з цікавасцю. Здаецца, большасць матэрыялаў своечасовыя, аператыўныя: не паспела прайсці якое­небудзь мерапрыемства – праз дзень­два чытаю ў “раёнцы”.

Зінаіда Васільеўна ГУРЭЦКАЯ, горад Беразіно:
Даўно выпісваю “Бярэзінскую панараму”. Падабаецца чытаць артыкулы, якія выходзяць да юбілейных свят, пра работу прадпрыемстваў, дзе ідзе гутарка пра лепшых працаўнікоў, іх дасягненні. Карысна і цікава пачытаць і матэрыялы пра гісторыю Бярэзіншчыны, сямейныя дынастыі, замалёўкі з рубрыкі “Асоба”, а таксама артыкулы пра спартыўныя дасягненні нашых землякоў. Чаго не хапае газеце? Напэўна, хацелася б бачыць у газеце водгукі ад чытачоў на артыкулы.

Спадзяёмся, што і надалей, дарагія падпісчыкі, вы будзеце сябраваць з намі, выбраўшы менавіта родную газету “Бярэзінскую панараму”!

http://www.berezino.by/?p=31842