24 ліпеня 2018 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне паштовую марку «400 гадоў першаму ў свеце «Буквару», наклад якой складзе 48 тысяч. Праект падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. Дызайн маркі, спецштэмпеля і канверта «Першы дзень» Таццяны Кузняцовай. У дзень выпуску паштовай маркі ў абарачэнне ў аддзяленні паштовай сувязі № 1 Мінска (крама «Філатэлія», вул. Маскоўская, 16) будзе праводзіцца спецыяльнае гашэнне на канверце «Першы дзень». Першая ў свеце кніга пад назвай «Буквар» выдадзена 24 ліпеня 1618 года ў друкарні Віленскага Свята-Духава праваслаўнага брацтва ў Еўе. Гэта было адно з самых старажытных беларускіх выдавецтваў у Вялікім княстве Літоўскім, якое выпускала нямала кніг на царкоўнаславянскай, старабеларускай і польскай мовах. У свеце захаваліся толькі два асобнікі гэтага унікальнага выдання. Адзін, няпоўны, знаходзіцца ў Каралеўскай бібліятэцы Даніі, другі, поўны, асобнік - у Вялікабрытаніі, у бібліятэцы лонданскай суполкі «Міддл Тэмпл». Падрабязней на сайце РУП «Белпошта» PDF