17 сакавіка 2016 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне паштовую марку «Гогаль звычайны» з серыі «Птушка года».

Друкаваная версія
14.03.2016
17 сакавіка 2016 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне паштовую марку «Гогаль звычайны» з серыі «Птушка года». Мастак А.Міцянін. Дызайн М.Віткоўскай. Марка друкавалася ў РУП «Бабруйская ўзбуйненая друкарня імя А.Ц.Непагодзіна». Рашэннем XVIII З'езда грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» птушкай 2016 года абраны гогаль звычайны. Гогаль звычайны – адзін з відаў качак, што гняздуюць у Беларусі. Пашыраны па ўсёй тэрыторыі Беларусі, але ўсюды не шматлікі. Нырае на глыбіню да 6 м. Гняздуецца на лясных азёрах і на балотах. Асаблівасцю гэтага віду з'яўляецца тое, што гнёзды качкі ўладкоўваюць у дуплах дрэў ці ў спецыяльных штучных гнездавых скрынях, а птушаняты выскокваюць з гнязда ў дзень вылуплення, плануючы на зямлю часам з вышыні 15 м. Раней від быў уключаны ў Чырвоную кнігу, але, дзякуючы ахоўным мерапрыемствам, павялічыў сваю колькасць і быў перанесены ў дадатак да Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь (2015) як від, што патрабуе ўвагі. Марка падрыхтавана пры садзейнічанні грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны». Марка друкавалася з эмблемамі сусветнай асацыяцыі прыродаахоўных арганізацый па абароне птушак «BirdLife International» і беларускай грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны». У дзень выпуску паштовай маркі ў абарачэнне ў аддзяленні паштовай сувязі № 1 Мінска (магазін «Філатэлія», вул. Маскоўская, 16) будзе праводзіцца спецыяльнае гашэнне на канверце «Першы дзень». Да выпуску падрыхтавана картка для картмаксімума.